Шэсць насыпаў каля дарогі Магілёўцы – Асошнікі дыяметрам ад 5,5 да 9,5 м. Экспедыцыя Т.М. Каробушкінай падчас раскопак выявіла, што гэта магільнік ХІ стагоддзя належаў дрыгавічам. Унесены ў “Дзяржаўны спіс”. Яго шыфр 113Д000594, пратакол Навукова-метадычнага савета №79 ад 04.05.2002, Пастанова Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь №578 ад 14.05.2007 года.
Вялікая верагоднасць таго, што ад курганнага магільніка атрымала сваю назву вёска Магілёўцы.
Мемарыяльны знак
Вышэйзгаданая калона знаходзіцца на курганным магільнік. Узведзена ў гонар прыняцця канстытуцыі Рэчы Паспалітай 3 мая 1791 года. У апошняе дзесяцігоддзе ХVІІІ ст. па ўсёй Рэчы Паспалітай узвялі каля 300 мемарыяльных калон. Як правіла, яны з’яўляліся ва ўладаннях прыхільнікаў апошняга караля Станіслава Аўгуста Панятоўскага. На землях ВКЛ, цяперашняй беларускай тэррыторыі, захаваліся адзінкавыя калоны. У Асошніках і Поланску калоны стаяць на адлегласці 15 км на ўскраінах былых маёнткаў братоў Быхаўцаў. У час паўстання К.Каліноўскага (1863-1864 гг) збудаванні сталі арыенцірам для паўстанцаў. За гэта яны атрымалі назву калон Каліноўскага, які кіраваў паўстаннем, або калон Траўгута – па прозвішчы кірўніка атрада, які змагаўся тут.