Вялікая Айчынная вайна 1941-1945 гадоў у нашым краі

Брацкая магіла каля вёскі Барысікі (0,5 км ад Лыскава), дзе 10 мая 1942 года былі расстраляны 68 актывістаў з навакольных вёсак (цяпер Пружанскага і Свіслацкага раёнаў)

 

 

 

 

 

 

 

Некаторыя надпісы на вышэй узгаданым помніку

З успамінаў Аляксея Даніліка (на той час 12 гадовага хлопчыка, жыхара вёскі Груск)

Шляхам апытвання грамадзян-відавочцаў удалося ўстанавіць наступнае: ноччу з 9 на 10 мая 1942 года лыскаўская жандармерыя на чале з камендантам Шульцам разам з гестапаўцамі сагналі з блізляжачых вёсак (цяпер Пружанскага і Свіслацкага раёнаў) мясцовых актывістаў. Арыштаваныя знаходзіліся ў будынку камендатуры ўсю ноч, дзе іх білі і катавалі. Расстрэльваць пачалі ў 12 гадзін на наступны дзень групамі па 10 чалавек. Расстрэл адбываўся каля загадзя выкапанай доўгай і глыбокай ямы, на заходняй ускраіне вёскі Барысікі (0,5 км ад Лыскава). Пасля расстрэлу забітых прысыпалі зямлёю і прыводзілі наступную групу актывістаў. Усяго было расстраляна 68 чалавек (па іншых звестках – 83). Людзей, якія збегліся паглядзець на гэтае злачынства, фашысты да магілы не дапускалі і разганялі. Праз некаторы час пасля свайго ліхадзейства немцы паехалі, а мясцовыя жыхары рынуліся да магілы, якая ўсё яшчэ “дыхала”.  З успамінаў Аляксея Даніліка, (на той час 12 гадовага хлопчыка, жыўшага са сваёю сям’ёю ў вёсцы Груск, што ў 1,5 км ад Лыскава) цяпер жыхар горада Мінска: “У палове першага ночы нас разбудзіў моцны стук у дзверы. Мой бацька, Данілік Антон Васільевіч, які апасаўся знаходзіцца дома з-за сваёй антыфашысцкай дзейнасці, у тую ноч не пайшоў начаваць у адносна бяспечнае месца. Ён адразу зразумеў, што прыйшлі за ім. Выглянуў у вокны і пераканаўся канчаткова – дом акружаны, збегчы немагчыма. Бацька сам адчыніў дзверы. Уварваліся ўзброеныя фашысты з  ліхтарыкамі. Нас усіх сагналі ў адзін куток, а дом абшарылі. Затым бацьку загадалі адзецца і павялі з сабою. Маці з плачам кінулася следам, але рыжы фашыст яе груба адштурхнуў. У тую ноч ніхто з нас больш не змог заснуць. Было яшчэ цёмна, як бабка Алена направілася ў мястэчка Лыскава, каб перадаць арыштаванаму бацьку ежу. Але ежу ў яе не прынялі. Затым яна ўбачыла, як бацьку з іншымі арыштаванымі вывелі з камендатуры і павялі ў  бок вёскі Барысікі. Пазней адтуль прагучалі кулямётныя чэргі. Праз некалькі гадзін пасля таго, як фашысты паехалі з месца расстрэла, людзі рынуліся туды. Я памятаю, як дабіраўся з маці да месца, дзе загінуў бацька. Памятаю толькі, што яшчэ  здалечы мы пачулі жудасныя крыкі і плач людзей. Памятаю, як па жоўтаму акрываўленаму пяску поўзалі жанчыны і дзеці са скажонымі ад гора і мокрымі ад слёз тварамі. Да іх далучылася і маці. Я, збянтэжаны, стаяў і глядзеў на гэтую страшную карціну. Мне здававлася , што зямля  варушыцца, што зарытыя ў магіле людзі з усёй сілы спрабуюць вылезці наверх, а тут ніхто гэтага не разумее, усе гэтаму перашкаджаюць. Гэты дзень на ўсё маё будучае жыццё зарадзіў мяне пачуццём ненавісці да зла і жорсткасці (у асаблівасці ў адносінах да людзей), што не паддаецца ніякаму ўспрыманню, не укладваецца ў чалавечае ўсведамленне.

Падыйшла незнаёмая жанчына з Барысік. Пагладзіла мяне па галаве і з плачам сунула ў рукі невялікі падковападобны кашалёк, які я адразу пазнаў. Жанчына растлумачыла, што калі калона з арыштаванымі ішла праз Барысікі, прыгавораныя да смерці людзі кідалі мясцовым жыхарам свае рэчы з просьбаю перадаць іх родным. Так зрабіў і бацька: кінуў кашалёк з некалькімі манетамі для перадачы старэйшаму сыну. Я доўга зберагаў гэты кашалёк, як рэліквію. Ён быў для мяне больш, чым памяць аб бацьку.  Здавалася, у гэтым прадмеце заключаецца запавед бацькі прадоўжыць справу, за якую ён аддаў жыццё.

Бываючы на радзіме, я заўсёды стараюся наведаць брацкую магілу, якая налажыла адбітак на ўсё маё будучае жыццё”…

У этой записи один комментарий

  1. Лилия

    Я знаю судьбу Янушко Ольги, похороненную там. Она была жена партизана Янушко Тимохи ( родного брата моего деда Янушко Николая). У нее был маленький сынок Павел и она не ушла в лес. Ее забрали и расстреляли…

Добавить комментарий