Лыскаўскі каталіцкі кляштар місіянераў XVIII стагоддзя (Троіцкі касцёл)

 

 

 

 

 

Лыскаўскі Троіцкі касцёл у цяперашні час

Кляштарны комплекс місіянераў у Лыскаве з’яўляецца помнікам архітэктуры позняга  барока

У 1751 годзе ў Лыскаве місіянерамі-католікамі быў заснаваны каталіцкі кляштар (мяркуема ордэна бенедзікцінцаў), які праіснаваў да 1841 года. Місіянеры пабудавалі ў Лыскаве новы касцёл Святой Тройцы  з цэглы, падмурак якога быў закладзены 18 чэрвеня 1763 года, а будаўніцтва закончана ў 1783 годзе. Аўтар праекта невядомы. Стыль, час пабудовы і рэгіён дазваляюць выказаць меркаванне, што   актыўны ўдзел у будаўніцтве храма прымаў майстар барочнага класіцызму, прыдворны архітэктар Сапег саксонец Ян Самуэль Бекер.  Ён  ў гэты час працаваў непадалёку ў дварцовым комплексе Сапегаў у Ружанах. У 1785 годзе была пабудавана вежа-званіца. Насупраць касцёла ў 1785 годзе місіянеры пабудавалі для сябе цагляны двухпавярховы  П-падобны жылы корпус. Вядома, што на першым паверсе паўднёвага крыла знаходзілася кузня і сталовая. Місіянеры абслугоўвалі бальніцу на 8 ложкаў. Бальніца мела ўласныя даходы. У гэтым доме была добрая бібліятэка. У Лыскаве місіянеры абслугоўвалі прыход, утрымлівалі прыходскую школу на 50 вучняў са сталовай. Першым апекуном быў ксёндз Станіслаў Скрышэўскі.

У  сувязі з падзеямі паўстання К.Каліноўскага 1863-1864 гг., Троіцкі касцёл у 1866 годзе быў перададзены Праваслаўнай Царкве.

У 1883-1884 гг пад наглядам архітэктара П.І.Залатарова тут праводзіліся работы па аднаўленні храма, які пацярпеў у выніку пажару ў 1881 годзе (прычынай пажару стала маланка).

Урад выдзеліў 12046 рублёў 42 капейкі срэбрам на аднаўленне царквы, але  ўжо ў  якасці праваслаўнай. У 1883 годзе на званарні з’явіўся новы купал, а на астатнім будынку былі зроблены новыя паталочныя перакрыцці і жалезны дах (да пажару дах быў з гонты). Устаноўка іконастаса і ікон  азнаменавалі заканчэнне работ.

Паводле Рыжскага мірнага дагавора ад 18 сакавіка 1921 года заходнебеларускія землі ўвайшлі ў склад Польшчы. Лыскава становіцца цэнтрам гміны Ваўкавыскага ўезда Беластокскага ваяводства. У 1921 годзе  Лыскаўская царква была зноў пераўтворана ў касцёл.

Касцёл перажыў шматлікія войны і пажары, аднак разбурэнню падвергся ў мірны час.

Пасля ХХ з’езда партыі (1956 г.) у СССР пачынаецца актывізацыя барацьбы супраць рэлігіі. Савецкае кіраўніцтва паставіла сваёй мэтай у кароткі тэрмін вырашыць рэлігійную праблему. Было разгорнута прапагандысцкае наступленне на “рэлігійныя перажыткі” ў свядомасці людзей. Дзяржаўным установам прадпісвалася ажыццяўляць мерапрыемствы, накіраваныя на стварэнне больш жорсткіх умоў існавання рэлігійных абшчын. Нягледзячы на супрацьстаянне веруючых з 1959 года пачынаецца масавае закрыццё прыходаў і кляштароў. У канцы 1950-ых гадоў  Троіцкі косцёл у Лыскаве быў часткова разбураны, а ў 1960 годзе канчаткова зачынены. Уся  касцёльная маёмасць з Лыскава была перададзена Ружанскаму касцёлу, дзе і знаходзіцца ў цяперашні час.

 

 

 

Магіла ксяндза Алойзі Зележніка, апошняга настаяцеля дома місіянераў у Лыскаве ў 1938-1945 гадах (знаходзіцца каля будынка Троіцкага касцёла)

Кляштарны комплекс місіянераў у Лыскаве ў цяперашні час

 

 

 

 

 

 

Засталіся ўсходы на званіцу і некаторыя фрэскі

Добавить комментарий