У мястэчку Лыскава захавалася больш дзясятка вартых увагі аб’ектаў. Сярод мнагалікіх гісторыка-культурных каштоўнасцяў нашага населенага пункта чатыры ўнесены ў “Дзяржаўны спіс”. Адным з іх з’ўляецца гарадзішча (замчышча) перыяду сярэднявякоўя (ХV-ХVІ стст.) шыфр 113В000622, пратакол Навукова-метадычнага савета №79 ад 04.05.2002, Пастанова Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь №578 ад 14.05.2007 года.
Паколькі гісторыя нашага краю губляецца ў глыбіні стагоддзяў, вывучэннем яе ў ХІХ ст. займаўся археолаг Фёдар Васільевіч Пакроўскі, які ў кнізе “Археалагічная карта Гродзенскай губерні” (1895 г.) паведамляў, што на гарадзішчы, якое знаходзіцца каля 0,5 км на ўсход ад Лыскава, знаходзіўся каралеўскі замак XV–XVII стст. Навукоўцы сцвярджаюць, што замак тут існаваў задоўга да вышэй згаданай даты і называюць часам узнікнення ХІІ ст. Археолаг Л.Побаль меркаваў, што замак узнік на месцы старажытнага гарадзішча. Грунтоўнае даследаванне замчышча правёў у 1970 г. археолаг Мікалай Аляксандравіч Ткачоў. З яго даследаванняў мы даведваемся, што да нашага часу засталіся толькі рэшткі былых ўмацаванняў. Драўляны замак, памерам 68 на 68 м., які меў чатыры бакавыя вежы быў спалены ў красавіку 1706 года шведскім войскам на чале з Карлам ХІІ у гады Паўночнай вайны, якая вялася паміж Расіяй і Швецыяй у 1700-1721 гадах.
Лыскава ўпершыню згадваецца ў летапісах у 1504 годзе, хоць, безумоўна, узнікла намнога раней. Вядома, што кароль польскі Аляксандр, сваёй граматай ад 16 снежня 1505 года, дараваў Лыскава з замкам шляхціцу Войцеху Яновічу Клочку.
Герб Клочкаў “Агоньчык”
Варта адзначыць, што ў “Литовской метрике” узгадваецца, што пры Лыскаўскім замку былі 20 человек сялян-асочнікаў, абавязкам якіх была ахова Лыскаўскай пушчы, рамонт дарог і мастоў на тэрыторыі пушчы, нагляд за звярынымі пераходамі, падрыхтоўка і ўдзел у паляванні, нарыхтоўка для панскага двара дроў і пэўнай колькасці дзічыны, мёду і інш. Вёска, якая цяпер знаходзіцца побач з гарадзішчам, называецца Асошнікі. Пасля Клочкаў Лыскава з замкам перайшло польскаму каралю Сігізмунду І Старому і яго жонцы каралеве Боне Сфорца (1493-1557 гг.). Таму гарадзішча названа “каралеўскім замкам”.
Партрэт Боны Сфорца Мастак Леанарда да Вінчы
Быў уладальнікам Лыскава і замка Васіль Тышкевіч (1492 – 13.08.1571). З упэўненасцю можна зрабіць вывад, што менавіта Васілём Тышкевічам паміж 1560 – 1570 гадамі ў Лыскаўскім замку быў напісаны рукапіс беларускага летапісу да 1506 года., які атрымаў назву “Хроніка Быхаўца”. Рукапіс затым перакачаваў з замка ў маёнтак новага ўладальніка Лыскава – Быхаўца. Ад гэтага порзвішча шляхціца, ён і атрымаў сваю назву — “Хроніка Быхаўца”.
Васіль Тышкевіч
Герб Быхаўцаў “Магіла”
Праездам з Гродна ў 1874 годзе імператар Аляксандр II і яго жонка Марыя Аляксандраўна наведалі Лыскава. Аляксандр II цікавіўся бытам сялян пасля адмены прыгоннага права. Аглядзеў казармы, якіх у ХІХ ст. у Лыскаве было тры, наведаў стрэльбы, якія праводзіліся на стрэльбішчы, што размяшчалася на месцы старажытнага гарадзішча.
Імператар Аляксандр ІІ з жонкаю Марыяй Аляксандраўнай